Ніякае багацце людзей
не бывае даражэйшым
за іх родную мову.
Якуб Колас
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень мы пачалі з таго, што правялі інформ-дайджэст, дзе далі інфармацыю аб тым, што Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года. Сэнс гэтага свята – папулярызацыя роднай мовы і культурных традыцый.
Далей вучні і работнікі школы прынялі ўдзел у акцыі “Маё любімае роднае слова”, у межах якой падзяліліся сваімі любімымі словамі. Акцыя надала цёплы, душэўны настрой усяму дню.
Шмат гледачоў і слухачоў сабраў музабоз “Без песні хоць трэсні!” Нельга было ўтрымацца і кінуцца ў скокі.
Чэлендж “Далучы сваю далонь” паказаў шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці, радасці, святла і міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні.
Дзень роднай мовы – гэта добрая нагода задумацца пра лёс і будучыню той мовы, якую мы называем нацыянальнай, матчынай, сваёй. Мова – тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй!
Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу – мову,
Бо яна – жыцця зачын
I пачатак песні новай.
Янка Сіпакоў
Настаўнікі беларускай
мовы і літаратуры